|
|
|
|
|
Тэма бацькоў i дзяцей у камедыi Вінцэнта Дуніна-Марцінкевiча "Пiнская шляхта"
Побач з асноўнай тэмай — выкрыццё царскай судовай сістэмы — В. Дунін-Марцінкевіч у «Пінскай шляхце» закранае і іншыя тэмы. Адна з іх — тэма бацькоў і дзяцей. Гэта спрадвечная тэма. Яна прысутнічала ў творчасці пісьменнікаў, якія жылі да В. Дуніна-Марцінкевіча, якія жылі ў адзін з ім час, яе не абыходзяць і нашыя сучаснікі.
Прадстаўнікі новага пакалення ў камедыі — Грышка і Марыська. Яны — дзеці збяднелых шляхцічаў. Маладыя людзі кахаюць адно аднаго, даўно ўжо мараць пажаніцца. Але вось бяда: бацькі іх раптам пасварыліся з-за таго, што адзін другога абазваў мужыком. Сварка завязалася ў такі моцны вузел, што каб развязаць яго і вырашыць, хто правы, а хто вінаваты, у мястэчка едзе з воласці станавы прыстаў. Здавалася, у Марыські і Грышкі няма ніякіх шанцаў на жаніцьбу — сварка бацькоў перадасца і ім. Але на самой справе гэта не так. I Марыся, і Грышка лічаць сваіх бацькоў дзівакамі, смяюцца і асуджаюць прывязанасць бацькоў да шляхецкага звання, якое ім нічога не дае.
Для Грышкі ж і Марысі шляхецтва — нішто, гэта проста «хвароба» іх бацькоў. «Што гэта за дур напаў на бацькоў? — гаворыць дзяўчына. — П'яныя завяліся да пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам пра тое гаруем і ныем». Грышка пра адносіны свайго бацькі з Марысіным кажа, што бацькі «індычацца».
Грышка і Марыся ўпэўненыя, што ніякая сварка бацькоў не паўплывае на іх адносіны. А калі бацька ўсё ж не дасць згоду на жаніцьбу — дзяўчына гатова на самае страшнае:
Няхай бацькі лаюць, мучаць,
Ні з кім другім не зручуся.
Калі з ім мяне разлучаць,
Я у Прыпяці ўтаплюся.
Гэтыя словы ў вуснах Марысі гучаць як пратэст новага пакалення супраць старых поглядаў і звычаяў.
Чытаючы твор, мы бачым, з якой любоўю адносіцца В. Дунін-Марцінкевіч да Грышкі і Марысі, як услаўляе іх адданасць ад но аднаму і з якой павагаи і гонарам ставіцца да іх імкненняў змагацца за свае шчасце.
Канешне, Грышка і Марыся далека не рэвалюцыянеры, якія пратэстуюць супраць аджыўшага ладу і заклікаюць гэты лад знішчыць разам з яго ўстарэлымі поглядамі. Героі В. Дуніна-Марцінкевіча занадта маладыя, ды і час яшчэ не прыйшоў. Iх пратэст не выходзіць за рамкі сям'і. Але і гэта ўжо сведчыць пра тое, што жыццё патрабуе новых адносін паміж людзьмі.
|
|
|
|
|