|
|
|
|
|
Горад Лiдзейкаю Едучы да бабулі, Насця заўсёды прыпыняецца ў гэтым горадзе. I кожны раз адкрывае нешта новае. Сёння яна ўбачыла на пагорку разбураныя сцены нейкага дзіўнага збудавання.
— Што гэта? - спыталася ў дзядзькі Эдуарда, які добра ведае гэтыя мясціны змалку.
— Старажытны замак, крэпасць, — адказаў той. — Хочаш пабачыць бліжэй?
Калі яны зайшлі ў прасторны двор замка, Насці нават страшна стала: навокал чарнелі правалы падземных сутарэнняў, чырванелі вышчарбленыя падмуркі, сцены і вежы з вузкімі акенцамі-байніцамі. Дзе-нідзе стаялі рыштаванні. Па выбітай цаглянай лесвіцы Насця паднялася на адну з вежаў. Перад вачамі як на далоні ляжаў горад з ручаінкамі вуліц і каробкамі гмахаў, ярка зелянела прырэчная лугавіна, сінела стужка рачулкі. Насці на момант здалося, што трапіла ў казку. Быццам гэта яе, князёўну, злы вядзьмак загадаў схаваць у змрочнай вежы зачараванага замка. Высока-высока, каб ніхто не змог дабрацца туды. Праўда, усё ж знайшоўся смяльчак, які вызваліў яе з палону. Які ва ўсіх казках...
— Ну што, спадабалася экскурсія па замку? — пацікавіўся дзядзька, калі яны выйшлі за браму крэпасці.
— Вельмі, — прызналася Насця. — Цікава, а чаму так дзіўна горад назвалі — Ліда? Можа, жыла на свеце славутая жанчына з такім імем?
— Не, — усміхнуўся дзядзька Эдуард. — Як сцвярджаюць вучоныя, назва горада пайшла ад старажытнага слова "ляда". Так называецца дзялянка лесу, раскарчаваная пад пасеў ці сенажаць. Напэўна, так яно і было. Бо вельмі ж шанаваліся тут земляробства і агародніцтва. Пра гэта сведчыць і герб Ліды: на зялёным шчыце — сноп і серп.
Ды часцей за зброю, чым за серп і сноп, даводзілася брацца лідчанам. Горад цярпеў ад набегаў татара-мангольскіх заваёўнікаў, ад тэўтонскіх рыцараў-крыжакоў. Каб абараніцца ад іх, непадалёкуад горада, у развілцы рэкЛідзейка і Каменка, на высокім пагорку пабудавалі замак. Магутныя сцены гэтай крэпасці служылі надзейным сховішчам для гараджан і жыхароў навакольных паселішчаў. У 1394 годзе яны спалілі горад, каб ён не стаў здабычай чужаземцаў, а самі схаваліся за сценамі замка. Дарэмна крыжакі хацелі ўзяць яго прыступам: усе іх атакі былі адбіты.
Як даведалася Насця, лідская зямля і пазней станавілася полем жорсткіх бітваў. Падчас Паўночнай вайны шведы спустошылі горад, разбурылі замак. Цяжкія раны нанеслі і войскі Напалеона. Пасля вайны з французамі ў Лідзе засталося ўсяго 770 чалавек.
Пасля адмены прыгоннага права тут выраслі новыя фабрыкі і заводы. Праз горад пралегла чыгунка, і ён стаў вузлавой станцыяй. Адсюль можна было праехаць на Украіну, у Польшчу. Ажывіўся гандаль, вырасла насельніцтва Ліды.
Ды ўсё ж няшчасці не міналі горада: ён двойчы выгараў. У гады Вялікай Айчыннай вайны лідчане гераічна змагаліся супраць гітлераўскіх захопнікаў. I ў падполлі, і ў партызанскіх атрадах. У памяць герояў, якія загінулі на гэтай зямлі, непадалёку ад горада вырас Курган Бессмяротнасці.
Сёння Ліду ведаюць далёка за межамі Беларусі. Па сельскагаспадарчых машынах і мэблі, па абутку, фарбах і лаках, па крышталёвых вырабах завода "Нёман". А калі маці зварыць вам духмяны кісель, суп ці кашу з пакецікаў, купленых у магазіне, ведайце — яны таксама выраблены ў Лідзе, на камбінаце харчовых канцэнтратаў. Як і "кукурузныя палачкі", што надта падабаюцца вам.
У горадзе шмат школ, бібліятэк. Ёсць краязнаўчы музей, тэхнікум, музычнае вучылішча. А хто не чуў пра народныя ансамблі песні і танца "Лідчанка", "Чаравічкі", мужчынскі хор завода "Лідсельмаш"?!
Калі вам давядзецца пабываць у горадзе над Лідзейкаю, абавязкова наведайце замак. Там вы сустрэнецеся з казкаю, як сустрэлася з ёй дзяўчынка Насця.
Бегамля
Пімен Панчанка
На карце ён - Бягомль,
А людзі звалі Бегамлем:
Сяліліся ў глухіх лясах
Халопы беглыя,
Бо беглі ад прыгону, ад паноў,
Ад ўарскіх устаноў
І пастаноў.
Жыло тут племя
Беларускіх волатаў,
Што не баяліся
Ні старасці, ні войтаў...
Кажуць людзі:
"Не з багоў мы,
Мы з Бягомля".
І ў вайну фашысты
З Бегамля пабеглі:
Ад варот паварот
Ці зямлёй накормяць рот.
Бегамля умела біцца:
Партызанскі гром,
Партызанская сталіца
І аэродром...
Рад, што ў гэтым я мястэчку
Гадаваўся, рос
Каля ціхай рэчкі
І родных бяроз.
|
|
|
|
|