Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Дзядзька Язэп

     У народзе пра яго хадзілі розныя чуткі. Гаварылі, што ён нейкую ракету майструе, каб паляцець на Месяц. I ўдакладнялі: падрыхтаваў ужо малюнкі і чарцяжы гэтай ракеты. Дзеці, як толькі прыкмячалі яго высокую постаць на старым бальшаку ці сцяжыне, першыя крычалі: "Дзядзька Язэп ідзе!" I вясёлаю гурмою беглі насустрач. А дзядзька Язэп з радасцю страчаў малых. Здымаў з пляча палатняную торбу, садзіўся на цёплы прыдарожны камень, раскладваў побач свае альбомы для малюнкаў.
     I падоўгу распавядаў дзецам дзіўныя гісторыі, казкі, паданні.
     Самыя дапытлівыя праглі дазнацца, а што там, у палатнянай торбе, якія скарбы прыхаваны. Дзядзька Язэп даверліва ўсміхаўся і паказваў. Чаго там толькі не было, у торбе! Старыя паржавелыя наканечнікі стрэл, гліняныя ўзорчатыя чарапкі, пажоўклыя кніжкі, шкляныя пацеркі, срэбныя манеты.
     Дзе ён знайшоў усё гэта, пыталіся дзеці. I дзядзька Язэп паказваў над рэчкай Мнютай вялікую гару-валатоўку, ці, як яе называюць, гарадзішча. Жылі тут сотні гадоў назад нашы продкі. Выбіралі яны для жытла самае высокае крутое месца, найчасцей дзе-небудзь каля ракі ці возера, каб ад ворагаў бараніцца было зручней. Даўно ўжо няма ні тых людзей, ні таго ўмацавання. Толькі засталіся ў чорнай зямлі гэтыя скарбы — наканечнікі стрэл, чарапкі ганчарных вырабаў, пацеркі, розныя манеты. Шмат тайнаў хавае гарадзішча. А выглядала яно ў тыя далёкія гады так...
     Дзядзька Язэп раскрываў свой альбом і паказваў дзецям казачны драўляны горад з высокімі вежамі і непрыступнымі сценамі.
     Хто ж ён такі, дзядзька Язэп, слава пра якога неслася па ўсёй Беларусі? Што гэта за чалавек, які хацеў дазнацца, ці ёсць жыццё на далёкіх планетах, і разгадваў тайны старых гарадзішчаў?
     Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч Драздовіч у 1888 годзе ў засценку Пунькі былой Віленскай губерні. Дзяцінства яго праходзіла на ўскрайку Галубіцкай пушчы, сярод прыроды, мора кветак і птушыных спеваў. Маці цешылася з малога Язэпкі, які падоўгу мог слухаць яе казкі і песні, а ў сцюдзёныя зімовыя вечары глядзеў, як зачараваны, на зорнае неба і срэбны ражок месяца. Рана застаўся без бацькі. А калі пасталеў, сцежкі прывялі яго ў Вільню, у рысавальную школу: дужа хацеў стаць мастаком. Потым служыў у царскай арміі і, нарэшце, вярнуўся на радзіму. I ўвесь гэты час маляваў і маляваў, пеша хадзіў па шляхах сваёй Бацькаўшчыны.
     Усім захапляўся Язэп Драздовіч: і вершы пісаў, і малюнкамі аздабляў беларускія кніжкі для дзяцей, і займаўся разьбой па дрэву, і народныя песні збіраў. Пісаў карціны пра космас, пра жыццё на Марсе і Сатурне. А колькі распісных маляваных дываноў пакінуў ён пасля сябе ў вясковых хатах! Для малых маляваў лісічак-сястрычак, вясёлых зайчанятак, для дарослых — таямнічыя старасвецкія замкі з начнымі краявідамі. I ўсюды на гэтых малюнках свяціўся срэбны месячык. Мастак нават напісаў невялічкі верш "Веташок".

     Ізноў на поўначы мне свеціць
     Скрозь шыбы ясны веташок,
     На шызым небе след свой меціць,
     Як пазалочаны ражок.
     Скажы мне, ветах, веташок,
     Куды імкнешся ты, дружок?
     Мо, як і я, імкнешся ты,
     Што й сам не ведаеш куды.


     Апошнія гады Язэп Драздовіч жыў на сваёй Дзісеншчыне, ці, як ён пісаў у сваім дзённіку, між рэчкамі Мнютай і Аўтай. Зараслі сцежкі, па якіх некалі хадзіў мастак. Ужо не ўбачым яго высокай постаці ў саламяным капелюшы, з кійком у руцэ. Усё мае пачатак, усё мае сваё заканчэнне. I толькі карціны, замалёўкі, альбомы застаюцца назаўсёды з намі, як жывое водгулле таго часу, як сведчанне, што быў такі чалавек. А яшчэ і як запавет усім нам, што мы — годны народ, мы — беларусы, са сваім слаўным мінулым, сваёй гісторыяй.