Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Крычаўскае Паўстанне

     Працавітыя i таленавітыя людзі жылі ў Крычаўскім старостве. Хлебаробы і ганчары, гутнікі і збройнікі, цесляры і муляры. Асабліва славіліся крычаўскія гарматнікі, якіх запрашалі вучыцца майстэрству ў суседнюю Маскоўскую дзяржаву.
     Прыгожая і багатая тут зямля, але бедна жылі людзі. З году ў год усё больш прыгняталі іх жорсткія і сквапныя арандатары — тыя, каму за грошы аддаваў на колькі гадоў староства ягоны гаспадар. Гаспадаром жа быў Геранім Радзівіл, разумны, ды прагны і бязлітасны князь. Ён трымаў у турме нават роднага брата. Мог нізашто павесіць перад вокнамі сваёй спачывальні слугу. Мог загадаць зашыць у мядзведжыя шкуры непакорлівага селяніна і кінуць сабакам, каб тыя яго разарвалі.
     Асабліва цяжка жылося крычаўскаму люду, калі арандатарамі былі браты Гдаль і Шмуйла Іцкавічы. Іх слугі адбіралі ў людзей амаль увесь набытак, змушалі ад цямна да цямна працаваць на паншчыне, забівалі тых, хто не хацеў скарыцца прыгнятальнікам.
     I прыйшоў дзень, калі жыхары староства ўзяліся за косы, за цапы і стрэльбы. У 1743 годзе тут пачалося сялянскае паўстанне.
     На чале яго сталі крычаўцы Васіль Вашчыла і Іван Карпач. Гэта былі адукаваныя і заможныя людзі, але волю яны любілі больш за багацце. Вашчыла і раней узначальваў сялянскія бунты, а потым мусіў глядзець на неба праз турэмныя краты. Знаёмы з княжым астрогам быў і Іван Карпач, які па просьбе землякоў часта пісаў на арандатараў скаргі і адвозіў іх Радзівілу ў Мір ці ў Нясвіж.
     Паўстанцы марылі зрабіцца гаспадарамі на сваёй зямлі. Яны не хацелі цярпець здзек і плаціць непасільныя падаткі. Сялянскія атрады нападалі на дамы сваіх ворагаў. палілі судовыя і даўгавыя кнігі, помсцілі за былыя крыўды. Разам з гараджанамі паспрабавалі ўзяць прыступам Крычаўскі замак, але мусілі адступіць.
     Сілы былі няроўныя. Супраць паўстанцаў ваявала добра абучанае і ўзброенае войска, да якога падыходзіла падмога, пасланая князем Радзівілам. Сяляне вырашылі акружыць замак і пачаць доўгую аблогу. Аднак праз некалькі дзён княжае войска раптоўна напала на паўстанцкі лагер пад вёскай Царковішча. Захопленыя знянацку, сяляне пакінулі на полі бітвы сотні забітых, многія трапілі ў палон.
     Шэсцьдзесят палонных у той жа дзень жывымі пасадзілі на калы ці павесілі. У Крычаве ў прысутнасці самога князя Гераніма Радзівіла пакаралі смерцю яшчэ шаснаццаць чынных удзельнікаў паўстання. I сярод іх — Івана Карпача. Васілю Вашчылу ўдалося ўцячы на Украіну, але, відаць, і туды дацягнуліся бязлітасныя рукі радзівілавых слуг, бо неўзабаве сялянскі правадыр памёр.
     Паўстанне скончылася разгромам, але памяць пра народных герояў жывая. Яшчэ і цяпер у Крычаве можна пачуць, як маці ласкава называюць дзяцей "вашчылкамі".