Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Сімяон Полацкі

     Няма на беларусі іншага горада, які даў бы Радзіме столькі знакамітых людзей, як старажытны Полацк. Тут, над задуменнай Дзвіною, каля белакаменнага Сафійскага сабора, у купецкай сям'і нарадзіўся хлопчык, якому таксама наканавана было стаць славутым і праславіць родны горад.
     Але гэта, вядома, здарылася не адразу. Хлопчык хадзіў у школу ў Полацку, потым паехаў па навуку далёка ад дому: спачатку ў Кіеў, а адтуль у Вільню, у акадэмію. Здольны і працавіты палачанін вывучаў там лацінскую і грэчаскую мову, граматыку і логіку, матэматыку і астраномію, музыку і паэтыку — навуку пра тое, як пісаць вершы.
     Вільня была тады сталіцаю Вялікага княства Літоўскага, багатай і магутнай беларуска-літоўскай дзяржавы, якая за сто гадоў да гэтага аб'ядналася з Польскім каралеўствам. Маскоўскія цары часта нападалі на беларускія землі. У 1654 годзе зноў пачалася вайна. Вільню захапілі царскія войскі, і полацкаму студэнту давялося вярнуцца дадому.
     У родным горадзе ён пайшоу ў Богаяўленскі манастыр. Апранаючы манаскае адзенне, кожны чалавек атрымлівае новае імя. Так Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч стаў братам Сімяонам.
     Пры манастыры была школка, дзе малады манах пачаў працаваць настаўнікам. Полацкія хлапчукі любілі яго за цікавыя ўрокі, на якіх ён часта чытаў свае вершы.
     Неўзабаве Полацк заняло рускае войска на чале з самім царом Аляксеем Міхайлавічам. Вучоны манах Сімяон выступіў перад ім з чытаннем сваіх вершаў. Тады ён яшчэ не ведаў, што праз восем гадоў пераселіцца ў Маскву і будзе выхоўваць царскіх дзяцей.
     Ішоў час. На Бацькаўшчыне па-ранейшаму лілася кроў, гінулі людзі, зарасталі лесам палі. Страшная вайна, у якой загінула палова жыхароў тагачаснай Беларусі, здавалася бясконцаю. I тады Сімяон вырашыў паехаць у Маскву. Ён пакінуў бацькоўскую зямлю не таму, што любіў цара і верыў яму. Хацелася спакою, каб займацца навукаю і пісаць кнігі.
     У Маскве Сімяон напісаў больш за дзесяць кніг. Вялікі асветнік, ён заўсёды імкнуўся дзяліцца з людзьмі сваімі ведамі. Дзеля гэтага адкрыў у царскім палацы друкарню. Першаю надрукаванаю там кнігаю стаў складзены ім самім "Буквар". Вучоны палачанін заснаваў першую ў Маскве вышэйшую навучальную ўстанову — Элінагрэчаскую акадэмію, якую потым пачалі называць Славяна-грэка-лацінскай. Цар Аляксей Міхайлавіч даверыў Сімяону выхаванне сваіх дзяцей. Сярод іх быў і будучы цар Пётр Першы.
     Сімяон, якога ў Маскве пачалі называць Полацкім, перакладаў кнігі з польскай і лацінскай мовы, пісаў п'есы для спектакляў створанага з яго дапамогаю першага ў Маскве прыдворнага тэатра. Але ўлюбёным яго захапленнем, як і раней, была паэзія. Свае вершы ён пісаў на беларускай, польскай, лацінскай і рускай мове. Гэта былі самыя розныя творы: вершаваныя апавяданні, віншаванні да святаў, байкі, загадкі. Тагачасныя вершы не заўсёды падобныя на тыя, што вы чытаеце сёння ў сваіх кніжках. У вершы, якім сустракаў Сімяон цара Аляксея ў Полацку, адна толькі назва складаецца з 79 слоў.
     Чытаць творы Сімяона Полацкага не заўсёды лёгка, але надзвычай цікава. З іх можна даведацца пра восем цудаў свету і пра тое, што прадказваюць чалавеку планеты, пра нашу выдатную асветніцу Ефрасінню і пра біблейнага асілка Самсона, які забіў аслінаю косткаю тысячу ворагаў... Некаторыя сучасныя паэты пішуць вершы ў выглядзе кругоў, квадратаў і іншых геаметрычных фігур. Напэўна, яны лічаць сябе першаадкрывальнікамі, але такія вершы-жарты за трыста гадоў да іх ужо складаў наш славуты зямляк.
     Жывучы ў Маскве, Сімяон Полацкі часта ўспамінаў Беларусь, жадаў ёй у вершах міру і шчаслівага, заможнага жыцця. Частку сваёй вялікай бібліятэкі асветнік завяшчаў адаслаць пасля смерці ў полацкі Богаяўленскі манастыр.
     Беларусы будуць заўсёды памятаць Сімяона Полацкага і ганарыцца ім. У выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла кніга паэзіі нашага выдатнага суайчынніка. Шмат вершаў і карцін прысвяцілі асветніку паэты і мастакі.