Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Князь Вячка

     Вячка падышоў да сівабародага воя, у якога амаль па самае апярэнне засела ў грудзях страла. Вой цяжка, з натугаю дыхаў.
     — Баліць? — спытаўся Вячка.
     — Баліць, — перасмяглымі вуснамі выдыхнуў вой. — Але выцягваць стралу нельга.
     Выцягнеш — адразу Богу душу аддам.
     — Цярпі, вой, — сказаў Вячка, нахіліўся і пагладзіў яго па шчацэ. Вочы ў параненага ўспыхнулі, засвяціліся, ён хацеў нешта сказаць, ды не змог.
     "Я вяду іх на смерць", — думаў Вячка, слухаючы стогны сваіх параненых вояў. Яны заўважылі князя. З усіх бакоў пацягнуліся да яго, як да свечкі, рукі.
     — Вячка! Князь Вячаслаў! — чулася наўкол. Ён стаяў сярод іх, і сэрца трапятала ад смутку і радасці. "Якім словам нашчадкі ўспомняць мяне, маіх вояў? — думаў Вячка. — Што скажуць пра нас? Я, як і ўвесь мой народ, жыў у вечных баях. На ўдар мы адказвалі ўдарам, не скарыліся нікому, ні перад кім не схілілі галавы. Такі народ не памірае. Я шчаслівы, што жыў і жыву з такім народам".
     Назаўтра князь Вячаслаў Барысавіч, князь Вячка, як з любоўю называлі яго людзі, загінуў. Было гэта ў жніўні далёкага ад нас 1224 года.
     Калі хто-небудзь з вас будзе ехаць у горад Талін, цягнік на некалькі хвілін спыніцца на станцыі Тарту. Гляньце ў акно, успомніце князя Вячку і ягоную адважную дружыну. Менавіта тут, на гэтай зямлі, абараняючы ад рыцараў-крыжакоў горад Юр'еў (цяпер Тарту), мужна склаў галаву князь Вячка.
     Доўгі час не вучылі нашай гісторыі. Нам казалі, што ў беларусаў не было сваёй дзяржавы, свайго войска, свайго сцяга і сваіх вялікіх палкаводцаў. Але гэта зусім не так. У нас былі Давыд Гарадзенскі і Андрэй Полацкі, Канстанцін Астрожскі і Кастусь Каліноўскі, князь Усяслаў Чарадзей і князь Вячка.
     Князь Вячка цэлымі суткамі не пакідаў баявога сядла, спаў каля паходных вогнішчаў, разам са сваімі воямі штурмаваў варожыя крэпасці, даходзіў ад Полацка да Балтыйскага мора. Ён выдатна валодаў двухручным мячом і бранябойным кап'ём, трапна страляў з лука, ведаў прыёмы кулачнага бою. А яшчэ збіраў у сваім княстве вучоных людзей, каб яны пісалі летапіс Полацкай зямлі, адкрыў школу для баярскіх, купецкіх і сялянскіх дзяцей. Ен любіў песні роднай зямлі, часта з воямі спяваў іх над шырокай Дзвіной.
     У час аблогі Юр'ева рыцары-крыжакі падаслалі да Вячкі манаха. Той пачаў угаворваць, каб князь здаў горад. За гэта яму абяцалі жыццё.
     — Мы дадзім табе коней да Полацка або Ноўгарада. У любы бок, куды пажадаеш, — сказаў манах.
     — Усе, хто абараняе Юр'еў, мае браты, — горда прамовіў Вячка. — А братоў у бядзе не кідаюць...
     Калі будзеце ехаць праз горад Тарту, гляньце ў вагоннае акно. За ім будуць шумець зялёныя бярозкі, будзе бегчы па аксамітным лузе рака Эмайыгі - Мацерка Вод. Над зямлёй будзе ззяць высокае белае воблака. Гэта князь Вячка глядзіць на нас з глыбіні вякоў.

     На гэтым - стаім!
     Мікола Маляўка
     
     Мы, беларусы, - простыя людзі.
     Край свой і продкаў постаці любім.
     Рады заўсёды добрым гасцям,
     Рады, калі спрыяюць і нам.
     Мы, беларусы, - дбайныя людзі.
     Рукі - на плузе. Рукі - на склюдзе.
     Граем-спяваем зноў жа як след,
     Пояс аздобім - любуецца свет.
     Мы, беларусы, - гордыя людзі.
     З торбай па свеце белым не блудзім:
     Лепей сканаць пры ганку сваім,
     Чым жабраваць.
     На гэтым - стаім!
     Мы, беларусы, - мужныя людзі.
     Жыць у ярме ніколі не будзем,
     станем сцяной, плячо да пляча,
     Супраць любога злога мяча.
     Мы, беларусы, - божыя людзі.
     Крыжык святы асвечвае грудзі,
     Дома, у кожный хаце - абраз.
     Бог міласэрны з намі. У нас.