Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Ваенна-палітычная сітуацыя ў Еўропе ў канцы 30-х - пачатку 40-х гг. XX ст. Геапалітычныя планы нямецкага фашызму i савецкага сталінізму. Пачатак Другой сусветнай вайны і далучэнне заходняй беларусі да БССР

     У канцы 30-х гг. Еўропа і свет стаялі напярэдадні новай сусветнай вайны. Склаліся тры блокі краін, якія рыхтаваліся рэалізаваць свае геапалітычныя планы не толькі мірнымі сродкамі, але і з дапамогай ваеннай сілы. У першы ўваходзілі краіны фашысцка-мілітарысцкага блока - Германія, Італія, Японія і іх сатэліты. Вядучая роля належала ў ім Германіі, якая пасля прыходу да ўлады фашыстаў імкнулася да сусветнага панавання пад лозунгам выключнасці нямецкай «арыйскай расы». Другі палітычны блок складалі буйныя буржуазныя краіны: Англія, Францыя, ЗША і саюзнікі, якія на іх арыентаваліся (Польшча, Чэхаславакія і інш.). Іх мэтай было захаванне, а па магчымасці і пашырэнне, сваіх каланіяльных уладанняў, аслабленне краін, што імкнуліся да перадзелу сфер уплыву. Трэці блок быў прадстаўлены Савецкім Саюзам, які меў моцны ваенна-эканамічны патэнцыял, вялізныя людскія і прыродныя рэсурсы. Усталяваны ў СССР сталінскі рэжым таксама меў далёка ідучыя планы - ажыццяўленне сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, перамога камунізму ў сусветным маштабе і карэнныя змены на планеце, у тым ліку з выкарыстаннем, пры неабходнасці, ваеннай сілы. Дзейсным інструментам для ажыццяўлення планаў сталінізму стала ў 30-я гады міжнародная арганізацыя Камінтэрн, падкантрольная I. Сталіну. Глыбокія супярэчнасці, існаваўшыя паміж тагачаснымі вядучымі дзяржавамі і іх блокамі, складанае перапляценне палітычных, эканамічных, ідэалагічных і іншых фактараў падштурхоўвалі іх да вайны.
     Усе названыя краіны і блокі нясуць адказнасць за пачатак другой сусветнай вайны ў большай ці меншай меры. Галоўная віна за падрыхтоўку і развязванне вайны ляжыць на дзяржавах фашысцкамілітарысцкага блока, перш за ўсё на Германіі і Японіі. Прыход нацыстаў на чале з А. Гітлерам да ўлады ў Германіі пасля выбараў 1933 г. і пачатак рэалізацыі яго агрэсіўных мэтаў стварылі небяспечны ачаг вайны ў Цэнтральнай Еўропе і непасрэдную пагрозу развязвання сусветнай вайны. Адводзячы ў сваіх глабальных планах найважнейшае месца барацьбе супраць СССР, як «фарпоста міжнароднага камунізму», фашызм меў на мэце захоп і іншых краін, устанаўленне сусветнага панавання «Трэцяга рэйха».
     У такіх умовах паўстала задача арганізацыі сумесных дзеянняў розных палітычных сіл для адпору гэтай агрэсіўнай палітыцы. У сярэдзіне 30-х гадоў такая магчымасць была: ідэя Савецкага Саюза аб арганізацыі сістэмы калектыўнай бяспекі знайшла падтрымку ў Францыі, Югаславіі, Румыніі і іншых краін. У 1934 г. СССР уступіў у Лігу Нацый і стаў пастаянным членам яе Савета. У 1935 г. былі падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі дагаворы. Аднак, кіраўніцтва заходніх дзяржаў - Англіі і Францыі - узяло курс на «прымірэнне» з агрэсіўнай Германіяй, імкнучыся цаной уступак аслабіць экспансію апошняй на заходнім напрамку і накіраваць агрэсію на Усход. Заходнія дзяржавы нічога не зрабілі, калі Германія яшчэ вясной 1935 г. афіцыйна адмовілася ад выканання ўсіх ваенных артыкулаў Версальскага дагавора і ўвяла забароненую для яе ўсеагульную ваенную павіннасць. У наступным годзе Германія ва ўмовах беспакаранасці акупіравала Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. Ад Германіі не адставала і фашысцкая Італія, якая напала на Эфіопію. У 1936 г. Германія і Японія заключылі паміж сабой Антыкамінтэрнаўскі пакт, да якога ў 1937 г. далучылася Італія. У 1937 г. Японія разгарнула ваенныя дзеянні супраць Кітая (Маньчжурыя была акупіравана з 1931 г.). У 1936-1939 гг. войскі Германіі, Італіі і СССР удзельнічалі ў ваенных дзеяннях у рэспубліканскай Іспаніі.
     Чарговай ахвярай агрэсіі стала Аўстрыя, якая ў сакавіку 1938 г. была ўключана ў склад фашысцкага рэйха. Пагроза навісла над Чэхаславакіяй. На канферэнцыі кіраўнікоў урадаў Англіі, Францыі, Германіі і Італіі (Н. Чэмберлен, Э. Даладзье, А. Гітлер, Б. Мусаліні) 30 верасня 1938 г. у Мюнхене было падпісана пагадненне аб падзеле Чэхаславакіі і перадачы часткі яе (Судэцкай вобласці) Германіі. Аднак у сакавіку 1939 г. Чэхаславакія была акупіравана Германіяй поўнасцю. Такім чынам, да 1939 г. Версальска-Вашынгтонская сістэма дагавораў, створаная пасля першай сусветнай вайны, была канчаткова скасавана. Пагроза сусветнай вайны нарастала.
     Савецкі Саюз, у планы якога не ўваходзіў ваенны канфлікт з Германіяй, у гэтых ўмовах наладжвае кантакты з гітлераўскім урадам, а кіруючыя колы Англіі і Францыі пасля акупацыі немцамі Чэхаславакіі, баючыся непрадказальнай палітыкі Германіі, зноў пайшлі на кантакт з СССР. Аднак на стварэнні магутнага антыфашысцкага фронту негатыўна адбіліся ўстаноўкі Камінтэрна і савецкага ўрада на барацьбу за сусветную камуністычную рэвалюцыю, рэпрэсіі ў нашай краіне. Гэта пасеяла сумненні сярод кіруючых колаў Захаду ў ацэнцы магутнасці СССР і адштурхоўвала ад Савецкага Саюза прагрэсіўныя сілы. Сітуацыя станавілася крытычнай: ні для каго не было сакрэтам, што падрыхтоўка Германіі да нападу на Польшчу (план «Вейс») ідзе поўным ходам.
     Ва ўмовах напружанага міжнароднага становішча, поўнай палітычнай ізаляцыі і магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германіі заключыць пакт аб ненападзе, і 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Перагаворы паміж міністрамі замежных спраў Рыбентропам і Молатавым завяршыліся на працягу аднаго дня. У выніку Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзінага антысавецкага фронту, атрымаў амаль два гады для ўмацавання сваёй абароназдольнасці. З другога боку, гэты дагавор нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны і савецкі народ, які бачыў у фашызме лютага ворага.
     Да дагавора быў прыкладзены сакрэтны дадатковы пратакол, якім размяжоўваліся сферы інтарэсаў абодвух бакоў. Германія атрымала Францыю, Брытанію і іх афрыканскія калоніі, СССР - Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Бесарабію і права пашырацца на поўдзень у бок Персідскага заліва праз Іран, Афганістан і Турцыю. Паўночная граніца Літвы павінна была стаць мяжой, падзяляючай сферы ўплыву Германіі і СССР. У 2-м пункце пратакола адзначалася наступнае: «У абласцях, якія належаць Польскай дзяржаве, сферы ўплыву будуць размежаваны па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан». Гэта значыць, што СССР атрымаў акрамя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны частку Полынчы аж да Варшавы. Устанаўленне сяброўскіх, саюзных адносін паміж Германіяй і Савецкім Саюзам, замацаваных дагаворам 1939 г., канчаткова парушыла раўнавагу ваенна-палітычных сіл не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Зніклі перашкоды для ажыццяўлення Гітлерам і Сталіным злачынных геапалітычных планаў, адлюстраваных у сакрэтных пратаколах, пачалася другая сусветная вайна.
     1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. А. Гітлер выкарыстаў пакт з СССР аб ненападзе і вёў вайну на адным фронце. Англія і Францыя, якія мелі з Польшчай саюзныя дагаворы, 3 верасня 1939 г. аб'явілі вайну Германіі. У той жа дзень на баку антыгітлераўскай кааліцыі ў вайну ўступілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Індыя. 28 верасня 1939 г. фашысцкімі войскамі была ўжо захоплена сталіца Польшчы Варшава. Трэба мець на ўвазе, што ў складзе ваюючай з фашыстамі Польшчы знаходзілася Заходняя Беларусь з 4,5 млн жыхароў, большасць з якіх былі беларусамі. Многія з іх былі прызваны ў польскае войска, удзельнічалі ў баявых дзеяннях, загінулі, былі паранены. Толькі ваеннапалонныя беларусы склалі каля 70 тыс. чалавек. Па тэрыторыі Заходняй Беларусі фашысцкая авіяцыя наносіла бомбавыя ўдары. Значнымі былі людскія і эканамічныя страты. Таму беларускі народ вёў барацьбу з фашызмам і нёс страты не з 22 чэрвеня 1941 г., а з верасня 1939 г., з часу прыходу гітлераўцаў на тэрыторыю Польшчы.
     17 верасня 1939 г. савецкія войскі згодна з сакрэтным пратаколам да пакту Молатава-Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 г. уступілі ў Заход- і нюю Беларусь і да канца месяца поўнасцю занялі яе. 28 верасня 1939 г. СССР і Германія заключылі новы дагавор «Аб дружбе і граніцы». Да яго быў таксама падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы, якая па-ранейшай дамоўленасці ўваходзіла ў сферу інтарэсаў СССР. Сам факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прыня- , тым у абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі міжнароднага права і маралі. Ён з'яўляўся, з аднаго боку, новым падзелам Полынчы і ігнараваў правы польскага народа на самавызначэнне, а з другога боку, аднаўляў нацыянальныя правы беларускага і ўкраінскага народаў, парушаныя ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г. З гэтага часу да пачатку Вялікай Айчыннай вайны фашысцкая Германія і Савецкі Саюз станавіліся дзяржавамі-саюзніцамі і сяброўкамі, палітычнымі і эканамічнымі партнёрамі.
     У Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 г. адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён аднагалосна прыняў па дакладу С. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Аднадушна дэлегаты выказваліся і за ўваходжанне ў БССР. У лістападзе 1939 г. на сесіях Вярхоўнага Савета СССР і БССР былі прыняты законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася з 125,6 да 225,6 тыс. км2, а насельніцтва рэспублікі - з 5,5 да 10,2 млн чалавек. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая). Аднак не ўсе беларускія землі трапілі ў склад БССР.
     Насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у выбарах у Народны сход Заходняй Беларусі не давялося. У кастрычніку 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Ковенскай Літвы (сталіцай Літвы ў той час быў г. Коўна) адносна лёсу Віленшчыны, а 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы, у першым артыкуле якога гаварылася: «У мэтах замацавання дружбы паміж СССР і Літвой горад Вільня і Віленская вобласць перадаюцца Савецкім Саюзам Літоўскай рэспубліцы». Беларускі ўрад, які лічыў Вільню сваёй сталіцай і нават часткова туды перабраўся з Мінска, даведаўся аб гэтым па радыё, разам з усім народам. Гэта толькі лішні раз сведчыць аб тым, што сталінскі ўрад падчас тэрытарыяльных змен кіраваўся не нацыянальнымі інтарэсамі народаў СССР, а палітычнымі меркаваннямі, а дакладна жадаў прыкрыць анэксію Літвы «клопатам» аб яе суверэнітэце.
     Дагавор таксама прадугледжваў пропуск савецкіх войскаў праз літоўскую тэрыторыю, узбраенне на льготных умовах літоўскага войска, няўдзел у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Літве было паабяцана не перашкаджаць у яе самастойнай унутранай і знешняй палітыцы, спрыяць захаванню яе суверзнітэту. Згодна з дагаворам, разам з Вільняй Літве перадавалася тэрыторыя агульнай плошчай 6,9 тыс. км2. На тэрыторыі Літвы размяшчаўся кантынгент савецкіх войскаў колькасцю 20 тыс. чалавек. Тлумачылася гэта тым, што Літва не магла забяспечыць сваю абароназдольнасць уласнымі сіламі. Прадстаўнікі ўрада Літвы выехалі ў Вільню для прыняцця спраў ад савецкага камандавання і беларускай адміністрацыі, а 27 кастрычніка літоўскае вонска ўступіла на тэрыторыю Віленскай вобласці. Як паведамляла ТАСС, 29 кастрычніка 1939 г. у Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія ўзняцця літоўскага флага на гары Гедыміна.
     У 1940 г. VII сесія Вярхоўнага Савета СССР вырашала пытанне аб уваходжанні Прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР. П. Панамарэнка ад імя ўрада БССР унёс прапанову «аб далучэнні да ЛітССР Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважаючым літоўскім насельніцтвам Відзаўскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў», што знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абласцей Беларусі. У выніку ад Беларусі на карысць Літвы ў лістападзе 1940 г. былі адлучаны Свянцяны (зараз Швянчоніс), Салечнікі (зараз Шальчынінкай) і курорт са стогадовай гісторыяй Друскенікі (зараз Друскенінкай), які справедку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. Гэта тэрыторыя складала 2,6 тыс. км з насельніцтвам 65 тыс. чалавек. Большасць гісторыкаў сёння лічаць, што на перададзеных землях пераважала беларускае насельніцтва.
     А між тым махавік другой сусветнай вайны працягваў набіраць абароты. Фашысцкая Германія, абараніўшы сябе дагаворам з СССР з усходу, умацоўвала пазіцыі на захадзе. Вясной 1940 г. яна захапіла Бельгію, Данію, Галандыю, Нарвегію, а летам пачала наступленне на Францыю і прымусіла яе капітуляваць, паставіла Англію на край нацыянальнай катастрофы, вяла паспяховыя баявыя дзеянні ў Афрыцы. Беларускі народ чакалі новыя цяжкія выпрабаванні.