Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Палітычныя Рэпрэсіі супраць беларускага народа ў 20-50-х гг. XX ст.

     Эпоха сталінізму ў СССР, ахапіўшая другую палову 20-х - першую палову 50-х гадоў, мела супярэчлівы характар. Вялікі працоўны энтузіязм народа і яго вера ў Сталіна спалучаліся з умацаваннем таталітарнай сістэмы, зніжэннем кошту чалавечага жыцця, масавымі парушэннямі правоў чалавека, укараненнем у грамадскім жыцці думкі аб непаграшымасці і беспамылковасці прадстаўнікоў вышэйшай партыйнай і дзяржаўнай улады, няведаннем ці нежаданнем ведаць, што натхняльнікам масавых палітычных рэпрэсій з'яўляецца менавіта Сталін.
     Вытокі палітычных рэпрэсій трэба шукаць на пачатку савецкай эпохі. Яны звязаны з ленінскім перыядам існавання савецкай улады (1917 - сярэдзіна 20-х гадоў XX ст.) і яскрава праявіліся ў час захопу ўлады бальшавікамі неканстытуцыйнымі сродкамі ў кастрычнікулістападзе 1917 года, пры разгоне I Усебеларускага з'езда ў Менску ў снежні 1917 года, у перыяд ажыццяўлення палітыкі ваеннага камунізму (канец 1917 - сакавік 1921 года), пры ўсталяванні аднапартыйнай сістэмы ўлетку 1918 года, а таксама падчас «чырвонага» тэрору пасля замаху на жыццё У. I. Леніна. У сталінскі перыяд палітычныя рэпрэсіі прцягваліся і дасягнулі найбольшага размаху на этапе завяршэння фарміравання культу асобы Сталіна і звязанага з ім таталітарнага палітычнага рэжыму ў СССР (канец 20-х - 30-я гады XX ст.). Тэарэтычным абгрунтаваннем неабходнасці і заканамернасці палітычных рэпрэсій паслужыў вывад I. В. Сталіна аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры набліжэння да сацыялізму, зроблены ім на лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК УКП(б) у 1937 годзе. Палітычныя рэпрэсіі былі выкліканы неабходнасцю кіраўніцтва СССР перакласці пралікі і недахопы ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і нацыянальнакультурнай сферах жыцця грамадства на «ворагаў народа», жаданнем стварыць атмасферу страху ў грамадстве і ўмовы для знішчэння палітычных праціўнікаў, сфарміраваць са зняволеных шматмільённую армію для амаль бесплатнай працы на будоўлях сацыялізму.
     Разгортванне масавых абвінавачванняў і рэпрэсій супраць беларускага народа супала са згортваннем новай эканамічнай палітыкі, палітыкі беларусізацыі, ажыццяўленнем індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, а таксама са святкаваннем 50-годдзя I. В. Сталіна ў 1929 годзе. Паўсюдна актывізаваліся пошукі «ворагаў народа», правакаваліся і заахвочваліся даносы, стваралася атмасфера ўсеагульнай падазронасці. Асобую ролю ў выкрыцці ворагаў і іх пакаранні набыў Народны камісарыят унутраных спраў (НКУС), надзелены надзвычайнымі паўнамоцтвамі. Яму ж для зручнасці выкарыстання дарэмнай працы мільёнаў рэпрэсіраваных савецкіх людзей былі падпарадкаваны ўсе «ўдарныя» будоўлі краіны. З 1929 года разгарнулася «раскулачванне» і высылка ў аддаленыя раёны СССР сялян, якія выступалі супраць прымусовага стварэння калгасаў. У канцы 20-х гадоў у БССР пачынаецца знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, якую абвінавачваюць у правым ухіле і «нацыянал-дэмакратызме», іншымі словамі, у прапагандзе варожай ідэалогіі і жаданні «рэстаўрацыі і капіталізму» на беларускай зямлі. Супраць беларускай культурнай эліты, абазванай «нацдэмамі», фабрыкуецца справа аб быццам бы створанай ёй антысавецкай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ). У 1931 годзе за прыналежнасць да СВБ было арыштавана 108 і асуджана 90 чалавек, сярод якіх вядомыя палітычныя і культурныя дзеячы Зм. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, Дз. Прышчэпаў, А. Баліцкі, В. Ластоўскі, П. Ільючонак і інш. Падчас следства, у лістападзе 1930 годзе, спробу самагубства здзейсніў Янка Купала, якому адводзілася роля кіраўніка СВБ, напісаўшы ў перадсмяротным лісце, што «лепш смерць фізічная, чым палітычная».
     Масавыя рэпрэсіі праводзіліся не толькі з выкарыстаннем судовых органаў. Пачынаючы з 1929 года сталі ўтварацца надзвычайныя, не прадугледжаныя законам судовыя органы - «тройкі», у склад якіх уваходзілі сакратар райкама партыі, старшыня райвыканкама і начальнік мясцовага райаддзела ГПУ (былы НКУС). Іх выкарыстанне дазваляла спрасціць і паскорыць разгляд шматлікіх спраў «ворагаў народа», «нацыянал-фашыстаў», «шкоднікаў» і гэтак далей. Дакладнага вызначэння гэтых паняццяў не было, што дазваляла пры жаданні асудзіць практычна любога чалавека. Часта ад моманту арышту чалавека да вынясення прысуду праходзілі суткі ці крыху болын. Шырока выкарыстоўваліся планы і нормы па выкрыцці «ворагаў народа».
     Пікам рэпрэсій у БССР прынята лічыць 1937 год, калі была сфабрыкавана справа аб «Аб'яднаным антысавецкім падполлі» на Беларусі на чале з кіраўніцтвам рэспублікі М. Гікала (сакратар ЦК КП(б)Б), А. Чарвяковым (старшыня ЦВК БССР), М. Галадзедам (старшыня СНК БССР). Па справе было арыштавана і закатавана больш 2,5 тыс. чалавек. А ў выніку партыйных чыстак і рэпрэсій колькасць камуністаў у БССР скарацілася амаль напалову. Было рэпрэсіравана 99 першых сакратароў райкамаў партыі БССР са 101.
     У 30-я гады у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі страціў больш паловы сваіх членаў. Яшчэ большыя страты панесла Акадэмія навук Беларусі, дзе сярод рэпрэсіраваных аказаліся 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў. З верасня 1939 года рэпрэсіі актыўна праводзіліся ў Заходняй Беларусі, далучанай да БССР.
     Месцы масавых растрэлаў асуджаных на смерць, якія існавалі ва ўсіх кутках Беларусі, старанна хаваліся. Сярод такіх месцаў шырокую вядомасць набылі Курапаты, што пад Мінскам. Там у 30-я гады было растраляна каля 30 тыс. чалавек. Недалёка ад Гомеля па Чарнігаўскай шашы таксама знаходзіцца месца масавых растрэлаў эпохі сталінізму.
     Па падліках даследчыкаў колькасць рэпрэсіраваных у БССР у эпоху сталінізму (30-я - пачатак 1950 гадоў) складае каля 600 тыс. чалавек. З іх у 30-я гады было рэпрэсіравана больш за 250 тыс. чалавек. Кіравалі карнымі органамі НКУС - АДГІУ на тэрыторыі БССР і з'яўляліся галоўнымі арганізатарамі рэпрэсій супраць беларускага народа Берман, Цанава, Наседкін, Раппапорт.