Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Заходняя Беларусь у 20-30-я гг. XX ст. у складзе Польшчы

     Напярэдадні і ў час польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. этнічная Беларусь была падзелена на тры часткі. Усходнія землі беларусаў (Смаленшчына, Віцебшчына, Магілёўшчына, Заходняя Браншчына і Гомельшчына) былі ўключаны ў склад РСФСР. Шэсць паветаў Мінскай губерні захаваліся за БССР. З 18 сакавіка 1921 г. па Рыжскаму мірнаму дагавору, падпісанаму РСФСР, Украінай і Польшчай без удзелу беларусаў, да польскай дзяржавы адышла тэрыторыя Заходняй Беларусі, плошчай больш за 112 тыс. км2, з насельніцтвам 4,6 млн чалавек, На гэтых землях устанавілася польская буржуазна-памешчыцкая ўлада. Быў уведзены прыняты ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел - ваяводствы, паветы, гміны. У склад Заходняй Беларусі, ці «ўсходніх крэсаў» (ускраін), як называлі іх кіруючыя польскія колы, увайшлі тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага, Палескага, большай часткі Беластоцкага ваяводстваў з пераважна беларускім насельніцтвам, з якога 85% пражывала ў вёсцы, 15% - у горадзе.
     Заходняя Беларусь была адсталай ускраінай польскай дзяржавы, у якой урадавыя колы бачылі толькі крыніцу таннай сыравіны, рабочай сілы і рынак збыту для польскай прамысловасці. Акрамя таго, у планах Польшчы ёй прызначалася роля ваеннага плацдарма ў выпадку вайны з СССР. Новыя фабрыкі і заводы ў Заходняй Беларусі не будаваліся. Большасцю прамысловых прадпрыемстваў былі дробныя фабрыкі і заводы, якія займаліся перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі і некаторых відаў мясцовай сыравіны. Пераважалі харчовая і дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці. Рабочыя працавалі па 12-14 гадзін, а атрымлівалі зарплату ў 1,5-2 разы меншую, чым у цэнтральных раёнах Польшчы. Па-драпежніцку знішчаліся прыродныя багацці Заходняй Беларусі: плошчы лясоў змяншаліся, асабліва бязлітасна знішчапася Белавежская пушча. Больш за 80% насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Але ў сялян было мала зямлі, і таму ў пачатку 20-х гг. польскі ўрад правёў зямельныя рэформы, якія ўключалі продаж часткі памешчыцкай зямлі дробнымі надзеламі - парцэлямі, камасацыю - звядзенне ў адзін надзел дробных сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар. Польскі ўрад пачаў засяляць беларускія землі ваеннымі каланістамі-асаднікамі, большасць якіх складалі польскія афіцэры. Яны атрымлівалі бясплатна або за невялікую плату зямельныя ўчасткі ад 15 да 45 га. Памешчыкі, кулакі і асаднікі жорстка эксплуатавалі сялян, якія бяднелі і масава разараліся. Многія з сялян выязджалі ў пошуках лепшай долі ў краіны Заходняй Еўропы, ЗША, Канаду.
     Працоўныя Заходняй Беларусі цярпелі жорсткі нацыянальны прыгнёт і поўнае палітычнае бяспраўе. Беларусаў не лічылі нацыяй. Ажыццяўлялася гвалтоўная паланізацыя беларускага насельніцтва: закрываліся існаваўшыя дагэтуль беларускія школы, настаўніцкія семінарыі, якія з'яўляліся базай падрыхтоўкі педагогаў для гэтых школ, спыняліся выданні беларускіх газет, забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах. Да гэтага дабаўлялася релігійная нецярпімасць польскіх улад да праваслаўнай большасці беларускага насельніцтва. З 500 існаваўшых у Заходняй Беларусі праваслаўных цэркваў больш за 300 былі ператвораны ў каталіцкія касцёлы.
     Працоўныя Заходняй Беларусі не мірыліся са сваім цяжкім становішчам, вялі барацьбу супраць прыгнятальнікаў. У першыя гады польскага панавання барацьба набыла партызанскі характар. Партызаны спальвалі маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў, рабілі налёты на паліцэйскія ўчасткі, У нацыянальна-вызваленчым руху існавалі два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны. Рэвалюцыйна-вызваленчы напрамак узначальвала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г. Кіраўніцтва КПЗБ вяло лінію на далейшае разгортванне партызанскага руху і давядзенне яго да змены палітычнай улады ў Заходняй Беларусі. Арганізатарамі рэвалюцыйнага руху былі I. Лагіновіч, С. Прытыцкі, В. Царук, В. Харужая і інш. Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у 1926 г. аформілася масавая палітычная арганізацыя - Беларуская сялянскарабочая грамада (БСРГ) на чале з вядомым беларускім вучоным, грамадскім дзеячам Б. Тарашкевічам. Яе праграма ўключала наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабочасялянскага ўрада, перадача зямлі сялянам без выкупу. Урад Пілсудскага разграміў Грамаду, кінуўшы ў турму некалькі соцен актывістаў.
     Летам 1935 г. пачалося буйное выступленне нарачанскіх сялянрыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чалавек. Прычынай паслужылі спробы ўлад пазбавіць сялян права лавіць рыбу. Кіравала барацьбой рыбакоў КПЗБ. Барацьба нарачанскіх рыбакоў вялася аж да 1939 г. У канцы 30-х гг. пачаўся спад рабочага і сялянскага руху. Гэтаму садзейнічаў неабгрунтаваны роспуск у 1938 г. КПЗБ выканкамам Камінтэрна. Роспуску КПЗБ папярэднічалі сталінскія рэпрэсіі яе кіруючых работнікаў у 1936-1937 гг. У ліку арыштаваных былі члены ЦК КПЗБ I. Лагіновіч, А. Славінскі, А. Альшэўскі, В. Харужая, дзесяткі актыўных дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху. Сваёй упартай барацьбой працоўныя Заходняй Беларусі засведчылі імкненне да ўз'яднання з Савецкай Беларуссю, кансалідацыі ў адзіную дзяржаву.
     Лёс Польшчы вырашыла заключэнне 23 жніўня 1939 г. пакта аб ненападзе паміж СССР і Германіяй, які быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, па якіх тэрыторыя Польшчы падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нараў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР. Пратаколы, як і заключаны 28 верасня 1939 г. дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, з'яўляліся грубым парушэннем правоў польскага народа на самавызначэнне, новым падзелам Польшчы, хоць аб'ектыўна аднаўлялі нацыянальныя правы беларускага і ўкраінскага народаў, парушаныя ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г. Савецкія войскі ўступілі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 г. і да канца месяца поўнасцю занялі яе. Пачаліся палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Адбылося аб'яднанне беларускага народа.