Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Індустрыялізацыя i калектывізацыя ў БССР

     Стварэнне буйной вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі (індустрыялізацыя) і аб'яднанне дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі (калектывізацыя) з'яўляюцца складаючымі часткамі плана пабудовы сацыялістычнага грамадства ў СССР, стварэння падмурка для рэалізацыі ў будучым вялікіх геапалітычных планаў I. Сталіна.
     Краіна адставала ў тэхніка-эканамічных адносінах ад развітых індустрыяльных дзяржаў. Падняць узровень эканомікі без індустрыялізацыі было немагчыма. Першапачаткова была абгрунтавана стратэгія індустрыяльнага развіцця на аснове нэпа, але дабіўшыся перамогі ў кіраўніцтве партыяй і дзяржавай, Сталін пачаў рэалізоўваць сваю асабістую стратэгію фарсіраванага развіцця.
     Правядзенне індустрыялізацыі на Беларусі звязана з развіццём прамысловасці па пераапрацоўцы мясцовай сыравіны. Таму асноўныя капіталы ў першыя гады індустрыялізацыі накіроўваліся на патрэбы харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, швейнай прамысловасцей, а таксама галінаў, якія цераапрацоўвалі драўніну (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральную сыравіну (паліўная, хімічная). Мінскія заводы «Энергія», «Камунар» паклалі пачатак станкабудаванню, а закладзеная пад Оршай БелДРЭС - энергетыцы Беларусі. Быў распрацаваны першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларусі на 1928-1932 гг., у час якога планавалася стварэнне буйной прамысловасці, рост нацыянальных кадраў, рэканструкцыя ўсёй народнай гаспадаркі. Аднак пасля сталінскага перагляду планаў пяцігодку не выканалі, хаця ў шэраг дзеючых было ўведзена 538 прадпрыемстваў. Сярод іх швейныя фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі» і «КіМ» у Віцебску, «Гомсельмаш», БелДРЭС і інш. У другой пяцігодцы (1933-1937) ставілася задача развіваць машынабудаванне, рэканструяваць энергетычную гаспадарку. Аднак і гэты план не быў выкананы. У строй дзеючых уступілі Гомельскі шкляны, Крычаўскі цэментавы заводы, Мінская ЦЭІД і інш. Задачай трэцяй пяцігодкі (1938-1942) было паскарэнне развіцця машынабудавання. Былі пабудаваны Мінскі радыёзавод, Рагачоўскі кансервавы і інш. За перыяд з 1929 па 1940 г. у БССР было пабудавана і рэканструявана 1863 прадпрыемствы.
     Пачатак калектывізацыі выпадае на канец 20-х гг. Сяляне ахвотна ішлі на кааперацыю, якая не закранала асноў самастойнага вядзення аднаасобнай гаспадаркі. Але пасля XV з'езда ВКП(б), які адбыўся ў 1927 г., аб'яднанне сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя становіцца генеральнай лініяй партыі на вёсцы. Дэклараваўся прынцып добраахвотнасці пры ўступленні ў калгасы, але на справе ўсё выглядала інакш. Тых, хто выступаў супраць выкарыстання сілавых метадаў у эканоміцы, абвінавачвалі ў правым ухіле. Такі ярлык прыклеілі Дз. Прышчэпаву, які з'яўляўся ў той час наркамам земляробства рэспублікі, а па сваіх поглядах быў блізкі да М. Бухарына. З'яву «правага ўхілу» у пытанні сельскай гаспадаркі на Беларусі называлі яшчэ «прышчэпаўшчынай». Дз. Прышчэпава і яго прыхільнікаў абвінавацілі ў насаджэнні кулацкіх гаспадарак, да якіх аднеслі ўсе хутарскія. У 1929 г. Дз. Прышчэпава і яшчэ 30 чалавек выключылі з партыі і рэпрэсіравалі. Адначасова было прынята рашэнне спыніць хутарызацыю.
     Бальшавікі пачалі пераход да паскоранай, прымусовай калектывізацыі на аснове раскулачвання. Паняцце «кулак» не было дакладна вызначана. Раскулачванне ўяўляла сабой гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да сялянства, пры гэтым кулакамі называлі ўсіх, хто быў не згодны з суцэльнай калектывізацыяй. Так вырашаліся дзве задачы: з аднаго боку, у кароткія тэрміны калектывізаваць вёску, з другога — узяць на вёсцы сродкі для індустрыялізацыі. Замест прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас сталі шырока прымяняць запалохванне і гвалт. Сяляне не ўспрынялі ідэю калектывізацыі. Яны не хацелі пакідаць тую ўласнасць, якую мелі, не жадалі пераходзіць на пункт гледжання пралетарскай дзяржавы. У вёску для стварэння калгасаў былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных камуністаў і рабочых (дваццаціпяцітысячнікаў). Многія з арганізатараў калгасаў слаба ведалі асаблівасці сялянскага жыцця. Працэс кааперавання быў падменены раскулачваннем. Адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці кулакоў. Пры сельсаветах былі створаны спецыяльныя камісіі па раскулачванні, якія праводзілі вопісы і канфіскацыю маемасці (часцей за ўсё сераднякоў). Раскулачаныя сяляне падвяргаліся арыштам і высяленню ў Сібір. Да мая 1930 г. у БССР было раскулачана каля 15,5 тысяч гаспадарак. Сяляне гвалтоўна залічваліся ў калгасы. Не жадаючы ўступаць у іх, яны рэзалі жывёлу, а ў асобных выпадках браліся за зброю. Толькі ў 1930 г. адбылося каля 500 узброеных выступленняў. Усіх незадаволеных аддавалі пад суд як контррэвалюцыянераў. Пасля з'яўлення ў газеце «Правда» артыкула I. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў» (2 сакавіка 1930 г.) адбыўся адток сялян з калгасаў. Але ўвосень 1930 г. палітыка суцэльнай калектывізацыі была адноўлена і было вырашана завяршыць яе да канца 1931 г.
     Вясной 1932 г. у рэспубліцы адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Распалася не менш, як тысяча гаспадарак. Выхад з калгасаў з'явіўся рэакцыяй сялян на голад, які ахапіў краіну ў 1932-1933 гг. Масавы голад мінуў рэспубліку, хаця многія сяляне засталіся без хлеба, які сілай канфіскоўваўся ў іх праз калгасы.
     У гады другой пяцігодкі калектывізацыя на Беларусі завяршылася. У калгасы было абагульнена 96% пасяўной плошчы. Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машына-трактарныя станцыі (МТС), а пры іх і саўгасах - палітаддзелы, якія строга праводзілі партыйную лінію ў калектывізацыі. Першая МТС у БССР пачала дзейнічаць у Койданаве (Дзяржынску). У 1935 г. II Усесаюзны з'езд калгаснікаў прыняў прыкладны Статут сельскагаспадарчай арцелі, які гарантаваў існаванне асабістай падсобнай гаспадаркі калгаснікаў і гэтым самым даваў ім некаторую палёгку.
     Вынікі індустрыялізацыі і калектывізацыі былі супярэчлівымі, мелі як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Працоўны энтузіязм, вера ў будучыню і нябачнае перанапружанне сіл народа прывяло да стварэння ў рэспубліцы пэўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы для далейшага развіцця. У эканоміцы была ліквідавана шматукладнасць, дзяржаўная форма ўласнасці стала пануючай. На вёсцы былі створаны буйныя калектыўныя гаспадаркі. Падчас калектывізацыі быў рэпрэсіраваны кожны шосты селянін. Калгасы былі пазбаўлены гаспадарчай самастойнасці, што стрымлівала іх эканамічны рост. Калгаснікі былі адхілены ад валодання вытворчасцю, пазбаўлены пашпартоў, што выключала магчымасць іх свабоднага перамяшчэння, юрыдычна прывязвала да калгаса і павялічвала прымусовы характар працы.