Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага этнасу I назвы "Беларусь". Этнічныя рысы беларусаў

     Беларускі этнас - гэта ўстойлівая супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, суседніх усходніх і паўночных землях і характарызуецца асаблівасцямі мовы, побыту, культуры, рысаў псіхікі і самасвядомасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Працэс фарміравання беларускага этнасу з'яўляецца доўгім па часе, складаным і шматгранным. Існуюць розныя погляды і адказы на пытанне аб вытоках, каранях, продках беларусаў. Спрэчкі даследчыкаў выклікае час завяршэння працэсу складання (этнагенезу) беларускай этнічнай супольнасці. Адны сцвярджаюць, што беларусы, як этнас, ужо існавалі ў XIII ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VII—VIII стст. (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Паводле В. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ-ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV-ХVІ стст. Ёсць і іншыя меркаванні.
     Узнікла шмат канцэпцый, якія маюць як навуковы, так і ненавуковы характар, палітычную афарбоўку, часта ўзаемавыключаюць адна другую. Так, яшчэ ў XIX ст. з'явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў - часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, I. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь - частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова — дыялект рускай мовы. Памылковасць гэтых канцэпцый даказана даследваннямі па беларускай мове. У пачатку XX ст. выдатны славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы «Беларусы» пераканаўча даказаў, што беларуская мова з'яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай. У той жа час М. Пагодзіным і В. Ластоўскім была прапанавана крывіцкая канцэпцыя. Яна грунтавалася на сцвярджэнні, што адзінымі і непасрэднымі продкамі беларусаў з'яўляюцца крывічы. Аўтары названай канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і нават уносілі прапанову называць беларусаў крывічамі, а Беларусь — Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. Але на пытанне аб тым, як узнікла паўднёвабеларускае насельніцтва, крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з'яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны XII ст., а беларусы, як этнас, да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.
     Аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай канцэпцыі (Я. Карскі, У. Пічэта, М. Грынблат, М. Доўнар-Запольскі) асноўнымі продкамі беларусаў лічылі этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Асноўная іх аргументацыя грунтуецца на вывучэнні распаўсюджвання традыцыйных земляробчых прылад і асаблівасцей гаворак у розных рэгіёнах Беларусі. Але і гэтая канцэпцыя мае спрэчныя моманты. Тыя элементы культуры і мовы беларусаў, якія лічацца састаўнымі элементамі культуры і мовы дрыгавічоў ці крывічоў, узніклі пазней, чым існавалі крывічы, дрыгавічы і радзімічы, не раней XII ст., і займалі болыл шырокія арэалы, чым тэрыторыі дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў.
     Згодна з фінскай канцэпцыяй (яе аўтар I. Ласкоў), продкамі беларускага народа былі славяне і фіны. У якасці доказу ён спасылаецца на тое, што некаторыя назвы беларускіх рэчак (напрыклад, Дзвіна) фінскага паходжання. Але гэты факт не з'яўляецца аргументам фінскага субстрату ў беларускім этнагенезе. Ён сведчыць толькі аб тым, што ў Падзвінні, Панямонні калісьці жыло фінамоўнае насельніцтва. Гэта было ў глыбокай старажытнасці, у каменным веку. Яно было асімілявана балтамі яшчэ да рассялення славянаў на тэрыторыі Беларусі.
     Паводле балцкай канцэпцыі продкамі беларусаў былі славяне і старажытныя балты. Прыхільнікі балцкай канцэпцыі (у прыватнасці В. Сядоў) сцвярджаюць, што на старажытных балтаў, як продкаў беларусаў, указваюць некаторыя элементы традыцыйнай беларускай культуры і мовы (культ вужа, жаночы галаўны ўбор намітка, цвёрды «р» і інш.). Аргументам гэтай канцэпцыі лічацца таксама назвы беларускіх рзчак (Сож, Рэста, Клёва, Арэса і інш.). Мяркуюць, што яны балцкага паходжання. У доказах балцкай канцэпцыі шмат спрэчнага. Многія факты, на якія спасылаюцца яе прыхільнікі, характэрны не толькі для балтаў і беларусаў. Цвёрды «р», напрыклад, апрача балтаў і беларусаў, уласцівы таксама мове ўкраінцаў, балгараў, сербаў, чэхаў, славакаў, на якіх балты не зрабілі культурнага ўплыву. Жаночы галаўны ўбор намітка быў пашыраны не толькі ў балтаў і беларусаў, але і ў другіх славянскіх народаў, у прыватнасці ўкраінцаў, балгараў, палякаў. А такая з'ява, як культ вужа, была распаўсюджана яшчэ шырэй. Яна ўласціва рэлігіі не толькі балтаў і славян, але і грэкаў, і албанцаў. Назвы беларускіх рэчак таксама не з'яўляюцца падставай для аргументацыі балцкага субстрату (падасновы) беларусаў. Падобна назвам беларускіх рэчак фінскага паходжання, яны паказваюць толькі тое, што ў мінулым на тэрыторыі Беларусі жылі балты. Але большасць іх была асімілявана раней, калі беларусы яшчэ не фарміраваліся.
     У 50-я гады XX ст. савецкі этнограф С. Токараў абгрунтаваў так званую повую (або старажытнарускую) канцэпцыю. На яго думку, у канцы IX - пачатку X ст. узмацніліся працэсы нівеліроўкі этнакультурных асаблівасцей усходніх славян. Гэта было абмоўлена эканамічнай, палітычнай, культурнай і канфесійнай інтэграцыяй. Пачалося далейшае развіццё феадальных адносін, класаў і гарадоў, распаўсюджванне хрысціянства. Пачала фарміравацца агульная тэрыторыя ўсходніх славян. Цэнтрам збірання ўсходніх славян было Сярэдняе Падняпроўе, дзе знаходзіўся г. Кіеў, які стаў сталіцай новай дзяржавы - Кіеўскай Русі. У выніку змешвання розных супольнасцей (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых) у Сярэднім Падняпроўі ў IX- X стст. сфарміравалася новая, усходнеславянская этнічная супольнасць - старажытнаруская народнасць. У другой палове X ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі — Русь. Сярэдняе Падняпроўе пачало звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі - рускімі князямі. Згодна з гэтай канцэпцыяй, моцная Старажытнаруская дзяржава абараняла ўсходнеславянскія землі ад нападаў іншаземных рабаўнікоў, вызваляла іх жыхароў ад выплаты даніны хазарам і варагам. У гэтай дзяржаве існавала адзіная культура і мова. Затым у выніку палітычнага раз'яднання, распаду Кіеўскай Русі раз'ядналася і старажытнаруская народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.
     Аднак у гэтай канцэпцьй з'явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Яны поўнасцю адмаўляюць сам факт існавання старажытнарускай народнасці і фарміравання на яе аснове беларусаў, украінцаў і рускіх. Згодна з канцэпцыяй М. Ермаловіча, ніякай стражытнарускай народнасці не існавала. А калі гэта так, дык і не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны - рускую, украінскую і беларускую. Гэтая выснова робіцца на той падставе, што Кіеўская Русь, куды ўваходзілі ўсходнеславянскія землі, не з'яўлялася такой дзяржавай, як яе апісваюць у нашай гістарычнай і вучэбнай літаратуры. Яна, на думку Ермаловіча, зусім не з'яўлялася збіральнікам славянскіх народаў. Пры гэтым ён спасылаецца на К. Маркса. Апошні назваў Кіеўскую Русь імперыяй, якая была недарэчнай, няскладнай, скараспелай, «шматковай». Гэта дзяржава, дапаўняе Ермаловіч, была штучным і таму нетрывалым ваенна-адміністрацыйным аб'яднаннем. У ёй паспешліва і насуперак волі і інтарэсам народаў аб'ядноўваліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы. Галоўная мэта дзяржавы — здзяйсняць ваенныя паходы на Візантыю. Для гэтага і збіралася з заваяваных тэрыторый шматлікае і рознапляменнае войска. А калі гэта так, дык, піша Ермаловіч, становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці ў такой дзяржаве, як Кіеўская Русь. Аб неіснаванні старажытнарускай народнасці сведчыць і той факт, што Кіеўская дзяржава ў XII ст. распалася на часткі, якія адпавядалі першапачатковым племянным тэрыторыям.
     У сувязі з такімі развагамі ўзнікае і яшчэ адно пытанне: калі не было агульнарускай народнасці, як тады адбылося фарміраванне беларускага, рускага і ўкраінскага этнасаў, а потым і адпаведных народнасцей? Ермаловіч мяркуе, што справа ўся ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся славянскія плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі — цюркскага, беларускі — балцкага.
     Ермаловіч лічыць, што доля балцкага субстрату ў фарміраванні беларусаў была значна меншая, чым угра-фінскага ў этнасе велікарусаў. Тлумачыцца гэта тым, што Беларусь з прычыны яе геаграфічнага становішча была месцам, дзе асабліва інтэнсіўна канцэнтраваўся славянскі элемент, таму ён мог лёгка перамагаць балцкі. Асобныя рэгіёны Беларусі наогул не былі заселены балтамі (поўдзень Міншчыны, міжрэчча Віліі і Гайны, поўдзень Полаччыны). Ермаловіч адзначае яшчэ адну асаблівасць фарміравання беларускага этнасу. Гэта тое, што на тэрыторыі Беларусі адбываліся вельмі інтэнсіўныя працэсы змяшэння, зрошчвання славянскіх этнічных супольнасцей — крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў. Вынікам гэтага было ўзмацненне славянскага элемента, што спрыяла больш хуткай асіміляцыі балтаў. Канцэпцыя фарміравання беларускага этнасу, якую адстойваў М. Ермаловіч, знайшла значную колькасць прыхільнікаў.
     На пачатку 90-х гадоў XX ст. яшчэ адну канцэпцыю (сучасную) ўзнікнення беларускага этнасу прапанаваў беларускі гісторык і этнолаг М Ф, Піліпенка. Ён адмаўляецца ад уяўлення аб беларускім этнагенезе як спрошчанай эвалюцыі, а таксама ад тлумачэння яго толькі вялікай міграцыяй. Даследчык лічыць, што ў фарміраванні беларускага этнасу мелі месца як эвалюцыя, так і дыфузія, якія цесна ўзаемадзейнічалі і дапаўнялі адна другую ў гэтым працяглым і складаным працэсе. Піліпенка па-новаму падышоў да пытання аб продках беларусаў. Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў IX - X стст. Затым у канцы X - пачатку XI ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульныя матэрыяльная і духоўная культуры. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву Русь. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва Русь, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.
     З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя Русі не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці - палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы Русь, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва Палессе, за цэнтральнай і паўночнай - Белая Русь. У паўднёвай папрыпяцкай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс фарміравання новай этнічнай супольнасці - палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў - старажытных беларусаў. М. Піліпенка лічыць, што менавіта яны сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.
     З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва - заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, да сярэдзіны XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з'яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву Белая Русь.
     У розныя часы паходжанне гэтай назвы тлумачылі па-рознаму. Яе звязвалі з прыгажосцю зямлі (Макарый, XVI ст.), мноствам снегу (С. Герберштэйн, XVI ст.), вольнасцю (В. Тацішчаў, XVIII ст.), незалежнасцю ад татара-манголаў (М. Любаўскі, XIX ст.), са светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў (М. Янчук, пачатак XX ст.). У наш час з'явіліся іншыя тлумачэнні: назва Белая Русь звязваецца з больш раннім прыняццем хрысціянства Ў параўнанні з Чорнай Руссю (Я. Юхо), з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам «белая» (П. Крапівін), асацыяцыяй У аднаго з этнічных продкаў беларусаў (балтаў) захаду з чорным колерам, а ўсходу - з белым.
     Далейшае фарміраванне беларускай народнасці адбывалася з канца XIII да сярэдзіны XVIII ст. Працэс гэты праходзіў пад уздзеяннем сацыяльна-эканамічных, палітычных, геаграфічных, царкоўна-рэлігійных і іншых фактараў. Аб'яднанне беларускіх земляў у складзе ВКЛ, падначаленне адзінай вярхоўнай уладзе прывяло да тэрытарыяльнай кансалідацыі і паслужыла штуршком да складання этнічнай тэрыторыі кампактнага рассялення народа, з якой звязаны яго фарміраванне і развіццё. Цэнтралізацыя дзяржавы (арганізацыя кіравання, ліквідацыя рэшткаў раздробленасці, уніфікацыя адміністрацыйнага падзелу, увядзенне адзінага заканадаўства, сімволікі) спрыяла больш шчыльнаму палітычнаму аб'яднанню беларускіх земляў і актыўнаму функцыянаванню сацыяльна-эканамічнага фактару. Прагрэс у вытворчасці і развіцці таварна-грашовых адносін, рост гарадоў спрыялі моўнай інтэграцыі, нівеліравалі мясцовыя асаблівасці і ўздзейнічалі на фарміраванне саслоўна-класавай структуры этнасу - ужо да сярэдзіны XVI ст. аформіліся шляхецкае, мяшчанскае, сялянскае саслоўі.
     Яшчэ раз нагадаем, што этнічная тэрыторыя Беларусі ахапіла пераважна ўсходнеславянскія землі, на якіх жылі нашчадкі крывічоў (Віцебшчына, Смаленшчына, Віленшчына, Гарадзеншчына), дрыгавічоў (цэнтральная Беларусь, Палессе, Берасцейшчына), радзімічаў (Магілёўшчына, Гомельшчына, заходняя Браншчьша). У ХІІІ-ХVІ стст. на гэтай тэрыторыі фарміруецца новая самастойная мова са сваімі спецыфічнымі фанетычнымі і сінтаксічнымі асаблівасцямі, сваім лексічным складам, Яна карэнным чынам адрозніваецца ад старажытнаўсходнеславянскай (царкоўнаславянскай), рускай і ўкраінскай моў. У фанетыцы яе асаблівасцямі сталі «дзеканне», «цеканне», «аканне», «яканне», цвёрды гук «р», фрыкатыўнае вымаўленне «г». У сінтаксісе — выкарыстанне слоў «каб», «калі», часціц «ці», «чы». Развіццю беларускай мовы спрыяла тое, што ў канцы ХІV-ХVІІ стст. яна была дзяржаўнай у ВКЛ. Ей карысталіся судовыя ўстановы, княжацкая канцылярыя, магістраты, на ёй пісаліся законы, летапісы, мемуары і публіцыстычныя творы. Такі статус мовы быў замацаваны ў Канстытуцьй таго часу - Статуце 1588 г. Ф. Скарына ўвёў родную мову ў Біблію і тым паказаў яе раўнапраўе з класічнымі кананічнымі мовамі — лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай. Выкарыстанню беларускай мовы ў канфесійнай літаратуры спрыяла Рэфармацыя. Уніяцкая царква выкарыстоўвала мову карэннага этнасу нароўні з лацінскай і царкоўнаславянскай, што садзейнічала ўнармаванню беларускай мовы. Дасягнуўшы значнага развіцця, беларуская мова з другой паловы XVI ст. пачала здаваць свае пазіцыі пад націскам польскай.
     Спецыфічныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай народнасці адлюстраваны ў тыпах пасяленняў (мястэчкі, фальваркі, засценкі, ваколіцы), жылля (хата і сенцы), прылад працы (саха, драўляная барана), у адзенні і народнай кухні.
     Асноўным паказчыкам ступені кансалідавання народа выступае этнічная самасвядомасць - усведамленне людзьмі прыналежнасці да свайго народа, яго адметнасці. Яна ўзнікла найперш у асяроддзі прагрэсіўна настроеных слаёў гараджан, шляхты, духавенства і праявілася ў любові да роднага краю, народа, культуры, у зацікаўленасці іх мінулым, сучасным і будучым, у клопаце аб уратаванні нацыянальных формаў духоўнай культуры перад пагрозай дэнацыяналізацыі. Рэфармацыя садзейнічала абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да нацыянальнай мовы. Рубеж ХVІ-ХVІІ стст. нарадзіў новую форму нацыянальнай самасвядомасці, у якой дамінуючую ролю адыгрываў рэлігійны кампанент і ідэя рэлігійнай свабоды для праваслаўных. Уніяцкія дзеячы (С. Зізаній, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч) абаранялі нацыянальна-культурныя каштоўнасці (мову, абраднасць, святы), імкнучыся спалучыць іх з заходнееўрапейскімі. У далейшым нацыянальная самасвядомасць падвяргалася дэфармацыі пад уздзеяннем спачатку паіанізатарскіх, а потым русіфікатарскіх тэндэнцый.
     Знешняй формай праяўлення самасвядомасці з'яўляецца назва народа, этнонім. Ў ХIII-ХVІ стст. у дачыненні да насельніцтва Беларусі ўжываліся розныя этнонімы. Да XVII ст. абагульняючай для праваслаўнага насельніцва Беларусі, Украіны, Масковіі і часткова Літвы, Польшчы, Латгаліі была назва «Русь», «рускія», «русіны». Нягледзячы на тое, што праваслаўная царква замацоўвала ў грамадскай свядомасці ўяўленне аб асаблівай блізкасці ўсходнеславянскіх народаў, насельніцтва Русі Літоўскай лічыла менавіта сябе «сапраўднай» Руссю, а сваіх суседзяў называла «маскавітамі». А насельніцтва Русі Маскоўскай, наадварот, лічыла сябе Руссю «сапраўднай», а суседзяў — Русь Літоўскую - Літвой. Аднак беларускія «русіны» ўжо ў XVXVI стст. адрознівалі сябе ад «маскавітаў» суседняй дзяржавы, называючы іх мову «маскоўскай», а сваю «рускай». Пры царскім двары ў Маскве трымалі «талмачоў» - перакладчыкаў, мелі слоўнікі для перакладу з «рускай» на «маскоўскую» мову. Этнонім «рускія людзі» меў больш стабільную распаўсюджанасць сярод жыхароў усходняй Беларусі і Смаленшчыны. У канцы ХVІ-ХVІІ стст. ён трансфармаваўся ў назву «беларусцы». Украінцы, рускія, палякі і большасць еўрапейскіх народаў называла беларусаў «ліцвінамі». Так сябе называлі ў XIVXV стст. пераважна жыхары захаду Беларусі і ўсходу Літвы. У XV ст. і асабліва ў ХVІІ-ХVIII стст., гэта назва распаўсюджваецца амаль на ўвесь беларускі этнас. Такая форма «нацыянальнага» самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) умацоўваецца пасля аб'яднання ў Рэч Паспалітую Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага. Палякі разглядалі Рэч Паспалітую як аб'яднанне дзвюх нацый у адну, а магнаты і шляхта ВКЛ упарта падкрэслівалі, што яны «ліцвіны», а не палякі. Першая згадка пра Беларусь у дачыненні да ўласнабеларускіх зямель у іпацьеўскім летапісе датуецца 1305 г. Гэта назва спачатку замацавалася за Віцебшчынай, Смаленшчынай, Магілёўшчынай (усходам Беларусі) і толькі ў другой палове XIX ст, распаўсюдзілася на ўсю нашу Бацькаўшчыну. Згаданыя этнонімы ў залежнасці ад абставін маглі ўжывацца паасобку ці сумесна («ліцвінбеларусец», «ліцвін рускага роду»), але ўсе яны былі элементамі этнічнай самасвядомасці беларускага народа.
     Паступова фарміраваўся і асобы беларускі менталітэт - склад розуму народа, лад яго мыслення, нацыянальны характар, псіхалогія. Да лепшых маральных і духоўных якасцяў беларусаў адносяцца: нацыянальная і рэлігійная талерантнасць (цярпімасць), памяркоўнасць, гасціннасць, мяккасардэчнасць, вынослівасць, шчодрасць, кемлівасць, няпомслівасць, сумленнасць, добразычлівасць, рахманасць, паэтычнасць душы, працавітасць. Да адмоўных бакоў беларускага менталітэту можна аднесці апатычнасць, нерашучасць, кансерватыўнасць, недаверлівасць, скрытнасць, пакорнасць. Агульнымі рысамі таксама з'яўляюцца ддя беларусаў маўклівасць, дамаседства, неагрэсіўнасць, схільнасць да згоды і пошукаў кампрамісаў. Ад яўрэяў беларусы адрозніваюцца меншай энергічнасцю, знаходлівасцю, настойлівасцю, менш развітым уменнем прыстасоўвацца да жыццёвых абставін, большым індывідуалізмам, меншай згуртаванасцю. Беларусы найчасцей не маюць таго лёгкадумства і самахвальства, што ўласцівы палякам. Ад украінцаў іх адрознівае неразвітае пачуццё помсты. Акрамя ўсходнеславянскага насельніцтва ў фарміраванні беларускай этнічнай супольнасці прымалі ўдзел заходнеславянскія (палякі), балцкія (прусы, борцы, яцвягі, літоўцы, жамойты, латгалы), цюркскія (татары) этнічныя группы. Акрамя таго, на Беларусі пражывалі невялікія групы яўрэяў, цыганаў, караімаў, шатландцаў, французаў, немцаў, рускіх і ўкраінцаў.
     Пад уздзеяннем польскага этнакультурнага ўплыву пасля Люблінскай уніі ў 70-я гг. XVI ст. праз знаёмства нашых прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя з культурна-навуковымі дасягненнямі Заходняй Еўропы з дапамогай польскай мовы пачаўся працэс паступовай паланізацыі магнатаў і шляхты ВКЛ. Тады, у XVI ст., не бачылася ніякай небяспекі ад знаёмства перадавых, па-еўрапейску адукаваных беларусаў з лацінскай і польскай мовамі, на якіх яны пісалі свае творы. Такім чынам, перыяд канца XIII - сярэдзіны XVIII ст. стаў для беларускай народнасці часам станаўлення, развіцця і ўздыму. Яе паспяховае развіццё абарваў «крывавы патоп» (антыфеадальная казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. і руска-польская вайна 1654—1667 гг.), які стаў першай нацыянальнай катастрофай. У наступныя часы ідзе працэс размывання і заняпаду беларускага этнасу, які выявіўся спачатку ў яго масавай паланізацыі (адмена беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай адбылася ўжо ў 1696 г.), а потым у русіфікацыі.